Дзіцячы сад
Нас усіх у сад дзіцячы
Водзяць мамы. Мы не плачам.
Я дык нават вельмі рад,
Што іду ў дзіцячы сад
Коцік-варкоцік
Коцік-варкоцік
Лёг на жывоцік,
Лапкі пад вушка -
Не трэба падушка.
Валёнкі
Коця коўзацца хадзіў, сабе лапкі застудзіў.
Прыбег да Алёнкі: - Пазыч мне валёнкі!
Я зімою панашу, а вясною прынясу!
Лялька
Ляльцы хочацца катлеткі, я катлетку ёй даю.
І зімою, і ўлетку чаем я яе паю.
Чышчу ляльцы чаравікі, мыю белы фартушок,
Бант завязваю вялікі, што як жоўты матылёк.
Я вучу яе смяяцца. Маляваць і размаўляць,
З мамай раніцай вітацца, з кошкай Муркай сябраваць.
Новы год
Пасінеў на рэках лёд, неба ў ясных зорках.
Зноў прыйшоў к нам Новы Год з песнямі і ёлкай.
Водзіць з намі карагод сам Мароз-дзядуля.
Многа казак у яго і вясёлых гульняў.
Беларусачка
Твар румяненькі, белая хустачка.
Я ўжо ведаю, я - беларусачка!
І хачу, так, як тата і мама,
Родны край свой любіць я таксама!
Матуліны рукі
З маленства яны нас да сэрда гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя рукі матулі,
Што з ранку працуюць няспынна і лоўка -
Дачушку накормяць, прычэшуць галоўку,
Кашулю пашыюць, правераць задачу
І сына суцешаць, калі той заплача.
Матуліны рукі нас песцяць, галубяць,
Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі - адзіныя ў свеце,
Шануйце, любіце заўсёды іх, дзеці.
Сонечная сцежка
Жоўты лісцік тапаліны ціха падае з галіны;
І лісты, лісты наўкол апускаюцца на дол -
Засцілае лістапад сцежку ў наш дзіцячы сад.
Спрытна ходзяць ножкі сонечнай дарожкай.
Кожнай раніцай з ахвотай мы прыходзім на работу:
Трэба ляльку расчасаць і кружочкі напісаць,
Збудаваць вялікі дом, з'есці кашу з малаком
І кату пачысціць боты. Ой, як шмат у нас работы!
Носіць сумку кенгуру
То з гары, то на гару спрытна скача Кенгуру -
Хутканогі паштальён, тэлеграмы носіць ён.
Кенгуру на жываце мае сумку для дзяцей,
Для малых кенгуранят - у дзіцячы носіць сад.
Мой край
Куды ні глянь - лясы шумяць, цвіце за полем гай,
А поле - вокам не абняць. І гэта ўсё - мой край.
Пшаніца, жыта на палях, усюды ўраджай,
Стагі, як горы, на лугах. І гэта ўсё - мой край.
Жыве, працуе мой народ ці ў снежань, а ці ў май,
І харашэе з году ў год мой родны вольны край.
Куды ні глянь - лясы шумяць, за полем рэчка, гай.
У сэрцы песні не стрымаць пра мой любімы край.